Учреждение образования

 "Шкловский государственный профессиональный лицей №12"

 

 

З гісторыі беларускага правапісу

 

Беларуская мова–дзяржаўная мова нашай краіны – адыгрывае выключна важную ролю ў жыцці беларускага грамадства.  Унармаванасць дзяржаўнай мовы, захаванне адзінства арфаграфічных нормаў пісьмовай мовы  ў значнай ступені забяспечваюць стабільнасць у сферы моўнай камунікацыі.         

Узгадаем першыя спробы ўпарадкавання беларускай арфаграфіі. У 1918 годзе была выдадзена “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, у якой фактычна ўпершыню былі сфармуляваны правілы беларускага правапісу. Яны і забяспечвалі адзін-ства новай беларускай літаратурнай мовы. Браніславу Тарашкевічу ўдалося спалучыць фанетычны і марфалагічны прынцып напісання. “Граматыка” адыграла выключна важную ролю ў пашырэнні беларускай мовы ва ўсіх сферах ужывання. Аднак у ёй заставалася даволі шмат спрэчных і нявырашаных пытанняў, якія датычыліся правапісу перш за ўсё слоў іншамоўнага паходжання.

Моўная практыка выявіла гэтыя недахопы, і ў сярэдзіне 1920-ых гадоў паўстала пытанне аб рэформе беларускага правапісу. У 1926 г. адбылася акадэмічная канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу. У яе рабоце ўзялі ўдзел вядомыя мовазнаўцы, пісьменнікі, настаўнікі беларускай мовы, замежныя лінгвісты. Пасля канферэнцыі была створана правапісная камісія, у склад якой увайшлі найбольш вядомыя і аўтарытэтныя лінвісты таго часу, беларускія пісьменнікі. Многія палажэнні выпрацоўваліся ў выніку працяглых дыскусій і спрэчак. У 1930 г. быў апублікаваны праект новага беларускага правапісу. Пасля яго абмеркавання і дапрацоўкі ў 1933 г. была прынята пастанова Савета Народных Камісараў “Аб зменах і спрашчэннях беларускага  правапісу”. Правапіс у выніку рэформы 1933 г. істотна наблізіўся да фанетычнага ладу беларускай мовы, стаў больш сістэмным і ўпарадкаваным. Але яна таксама  не вырашыла ўсіх праблем пісьмовай беларускай мовы.

У 1959 г. былі выдадзены “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, якія ўдакладнялі і развівалі “Правапіс беларускай мовы”, выдадзены ў 1934 г..

У канцы XX ст. зноў абвастрылася праблема беларускага правапісу. Пастановай Савета Міністраў РБ ад 17 жніўня 1993 г. была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні беларускай літаратурнай мовы. Камісія рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі РБ падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, дзе б былі ўлічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі.

На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі “Правіл” і распрацоўкі праекта Закона РБ “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” была створана рабочая група, якая пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара А.А. Іўчанкава і доктара філалагічных навук прафесара А. А. Лукашанца канчаткова дапрацавала “Правілы” з улікам заўваг і пажаданняў, што былі зроблены ў час іх абмеркавання.

Увядзенне ў дзеянне Закона РБ ад 23 ліпеня 2008 г. “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае захаванне адзінага моўнага рэжыму ў адукацыйным працэсе і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што павышае прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

  

З гісторыі беларускага правапісу (.rar)

 

в начало